Цвет сайта
Изображения
Расстояние между буквами
Шрифт

#Явспорте

Спорт – адзін з нямногіх спосабаў фізічнай і сацыяльнай рэабілітацыі для людей з інваліднасцю. У тым ліку тых, хто з-за асаблівасцяў развіцця застаецца недзеяздольным нават у сталым узросце. Кола іх зносін, як звычайна, абмежаванае ўласнай сям’ёй. Інклюзіўны спорт не толькі дазваляе ім знайсці сферу, у якой яны маглі б рэалізавацца, але і дае магчымасць узаемадзейнічаць са звычайнымі людзьмі. Звычайныя ж спартсмены, падтрымліваючы партнёра з асаблівасцямі развіцця, могуць атрымаць новыя прафесійныя магчымасці. “Вместе!” пагутарыла з тымі, хто займаецца развіццём гэтага напрамку ў Мінску.

Ідэя, якая з’явілася з-за несправядлівасці

Са снежня мінулага года ў Мінску праходзяць спартыўныя трэніроўкі для людзей з інваліднасцю ў рамках ініцыятывы “#Явспорте”. Дзяўчат і хлопцаў з самымі рознымі дыягназамі запрашаюць у спартыўныя залы, дзе пад наглядам прафесійных трэнераў людзі з інваліднасцю становяцца пычынаючымі спартсменамі. Ідэйны натхняльнік праекта – Марына Калініна (рынг нэйм – Зялёная), двухразовая чэмпіёнка свету па тайскім боксе.
– “Жанчына на караблі – быць бядзе”, – казалі мужчыны-трэнеры на пачатку маёй спартыўнай кар’еры і нават не пускалі ў залу, – успамінае Марына. – Я прыйшла ў спорт ужо дарослай – у 26 гадоў. Гэта было на пачатку нулявых гадоў, і жанчына ў баксёрскіх пальчатках была рэдкасцю. Калі я давала інтэрв’ю, то заўсёды разважала на тэму жанчын у спорце і даказвала ўсяму свету – гэта нармальна. Зараз я бачу шмат прадстаўніц прыгожага полу, паспяховых адзінаборцаў, і ніхто не можа ім забараніць займацца тым, што падабаецца. Я знаходжу тут падабенства з сітуацыяй, што існуе зараз з людзьмі з інваліднасцю. Ведаю, што шмат трэнераў баяцца такіх людзей браць да сябе ў спартыўную залу, таму што не ведаюць, як з імі працаваць.


Марына пачала распрацоўку праекта з нуля. Пасля завяршэння сваёй спартыўнай кар’еры, яна не схавалася ў цень, а наадварот, пачала трэніраваць будучых спартсменаў, а таксама праводзіла лекцыі па прапагандзе здаровага ладу жыцця і неабходнасці ў спорце для кожнага.
– У адзінаборствах камфортна, бо гэта драйв, – працягвае суразмоўца. – Тайскі бокс – гэта агранка ювелірных вырабаў з каштоўнага каменя. Пад кожнага можна падабраць праграму трэніровак і спарынг-партнёраў. Я чуллівая да несправядлівасці і не аднойчы заўважала, што людзям з інваліднасцю масава адказваюць у намеры наведваць спартыўную залу, а ў некаторых памяшканнях просто няма такой магчымасці з-за недаступнага для людзей з інваліднасцю ўваходу ў памяшканне. Разумеючы, што хачу гэта змяніць, пайшла да Андрэя Гапановіча з прапановай правесці тэставыя сустрэчы для людзей з інваліднасцю.


Андрэй Гапановіч – кіраўнік Мінскага валанцёрскага клуба, які пазіцыянуе аб’яднанне як “суполку мужчын і жанчын, якія маюць стойкае жаданне, цвёрды намер і неабмежаваныя магчымасці”. Галоўная мэта клуба – паляпшэнне якасці жыцця людзей з інваліднасцю. Тут Андрэй і Марына сышліся ў поглядах.
– Калі да мяне прыйшла Марына, я зразумеў, што мы з ёй аднолькава думаем, – дзеліцца Андрэй. – Спачатку было незразумела, ці атрымае гэтая ініцыятыва водгук у іншых. Па-першае, як адрэагуюць трэнеры і ўладальнікі залаў. Па-другое, трэба было пераадолець стандарты мыслення людзей з фізічнымі і псіхічнымі асаблівасцямі, якія лічаць, што спорт – гэта толькі для здаровых. Адразу мы планавалі быць проста ўдзельнікамі трэніровак, але атрымалася так, што я асабіста і мае актывісты з усімі нашымі рэсурсамі ўключыліся ў ініцыятву. Гэта не камерцыйны праект, а выключна сацыяльны, таму трэба было дамаўляцца з уласнікамі спартыўных залаў і арганізоўваць туды падвоз людзей з інваліднасцю на транспарце. Калі першае ўзяла на сябе Марына, то другім займаліся мы. І знайшлі шмат тых, хто бескарысна быў гатовы дапамагчы ў гэтай справе.

Як і дзе праходзяць трэніроўкі?

Са снежня адбылося 12 трэніровак, у якіх прымалі ўдзел людзі з інваліднасцю. Прайшлі 4 адукацыйныя сустрэчы для валанцёраў. Спартыўную залу наведваюць людзі з самымі рознымі дыягназамі. Гэта і парушэнне апорна-рухальнага апарата, і ДЦП, і сіндром Даўна, і слабы зрок ці адсутнасць яго. Ініцытыва “#Явспорте” не абмяжоўваецца стэрэатыпамі накшалт таго, што з-за дыягназу нехта не зможа праявіць сябе на рынгу, – арганізатары ўпэўненыя, што кожнаму знойдзецца месца сярод удзельнікаў спартыўных мерапрыемстваў.
– Станавіцеся так, каб было зручна размінацца. Сябры, калі вы зараз не знойдзеце месца тут, вам будзе цяжка знайсці яго ў жыцці, – пачынае размінку Марына.

Трэніроўкі праходзяць у розных залах. На сёння даступным для людзей з інваліднасцю можна назваць залу Fight House, якая знаходзіцца ў Мінску па вуліцы Ляшчынскага. Уладальнік дазволіў бясплатна праводзіць трэніроўкі. Але гэта не адзінае месца, што адчыніла дзверы для людзей з інваліднасцю. Таксама гэта BRONX, зала стадыёна “Дынама”, залы Федэрацыі КравМага, MaxxFight у Бараўлянах. Нягледзячы на тое, што там не ўсё добра з безбар’ерным асяроддзем, валанцёры дапамаглі ўсім далучыцца да трэніроўкі.
– Мы спецыяльна шукалі залы ў розных раёнах горада, каб задзейнічаць як мага больш людзей з інваліднасцю, каб ім было зручней, – тлумачыць Марына. – І кожны раз мы знаходзілі ўсё больш новых жадаючых. Зараз на трэніроўцы могуць знаходзіцца і 30 чалавек.
У спартыўнай зале перад заняткамі вельмі цёплая атмасфера. Усе, хто прыходзіць, вітаюцца адзін з адным, абдымаюцца і цікавяцца пра жыццё. Пачынаецца трэніроўка з размінкі. Тым, хто не можа зрабіць практыкаванні самастойна (напрыклад, невідушчыя ці тыя, каму цяжка стаяць без апоры), дапамагаюць трэнеры ці валанцёры. Пасля размінкі прысутныя становяцца ў пары і пачынаюць баксіраваць.
– Трэнерскі склад мае вопыт, таму не трэба баяцца, што на трэніроўках можна атрымаць траўму, – супакойвае Марына. – На занятках выкарыстоўваем толькі адаптыўныя практыкаванні, якія не маюць супрацьпаказанняў. Таксама мы не супраць, калі прысутнічаюць бацькі, якія назіраюць за тым, як трэніруюцца іх дзеці.

Планы на будучыню

Ініцыятыва рэалізуецца только тры месяцы, але ўжо не пакінула абыякавымі сотні людзей. На гэтым супыняцца арганізатары не плануюць, наадварот, упэўнены: далей – больш.
– Мы выкарыстоўваем падыход Win Win, сутнасць якога – у дамоўленасці паміж зацікаўленымі, якая прынясе ўзаемную карысць, – працягвае Марына. – Для нас – гэта пляцоўкі, дзе мы можам праводзіць трэніроўкі. Для трэнераў – гэта эмоцыі, якія яны атрымліваюць ад працы з людзьмі з інваліднасцю. Я бясконца ўдзячная тым, хто зараз дапамагае проста таму, што ён добры чалавек. Але лічу, што праца павінна быць аплачана.
Зараз на трэніроўках займаюцца людзі з рознымі дыягназамі, але Марына марыць пра тое, каб былі профільныя групы, бо, напрыклад, калясачнікі са здаровымі і моцнымі рукамі не могуць быць спарынг-партнёрамі з тымі, у каго з-за дыягназу слабыя рукі.
– Несправядліва, калі чалавек з інваліднасцю не можа прыехаць у любую спартыўную залу на трэніроўку, – разважае суразмоўца. – Мы хочам сваёй ініцыятывай даць магчымасць людзям з парушэннем здароўя па-рознаму паказваць свае эмоцыі, адчуваць сваё цела, шукаць спосабы для рэабілітацыі. Я мару, каб для ўсіх іх было даступна прыйсці на трэніроўку. Хай гэта будзе прычына, каб выйсці з дому.


Ініцыятыва мае шырокае асвятленне ў сацыяльных сетках. Пераходзьце па хэштэгу #Явспорте і далучайцеся да трэніровак.
Праект адкрыты як для людзей з інваліднасцю, так і для тых, хто можа і хоча дапамагчы развіццю інклюзіўнага спорту. Таксама можна пісаць на электронную пошту: zelenaja25@gmail.com

Использованы материалы издания Газета «Вместе!»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *