“Не баяцца, не баяцца”
У нядзелю 2 жніўня адбылася дзіўная вандроўка сумесна з сем’ямі з Беларускай асацыяцыі дапамогі дзяцям-інвалідам і маладым інвалідам ў Жыровічы. Вандроўка была арганізаваная ў межах праекту “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” з дапамогай ахвяраваньняў Прыёрбанку.
Вядома, натхняла цудоўная нашая адметная беларуская храмавая архітэктура і сустрэчы зь натхняльнымі сьвятарамі, дарэчы, беларускамоўнымі. Для ўсіх вандроўнікаў, хто не пагадзіўся паехаць з дзеткамі з інваліднасцю, сапраўдным адкрыцьцём стала менавіта сумоўе з гэтымі дзецьмі і маладымі людзьмі. “Не баяцца, не баяцца” – гэтак сонечная дзяўчынка Аня падбадзёрвала ўсіх, хто ніяк не мог вырашыцца занырнуць у сцюдзёную крыніцу. А іншая дзяўчына з асацыяцыі аказалася адзінай з ўсёй групы, хто запомніў, што старажытная ўнікальная нашая Сынкавіцкая царква ў стылі беларускай абарончай мураванай готыкі высьвечаная ў гонар Арханёла Міхаіла.
Як распавядае арганізатар экскурсіі ад “Калор Лэнд” Валерыя Чарнаморцава: “Аказваецца, людзі нават з сіндромам Даўна зусім не “даўны” – яны хоць і па-свойму, але вельмі жыва ўспрыймаюць інфармацыю, прынамсі, абсалютна нароўні ўдзельнічалі ў выніковай віктарыне. Прычым экскурсія і віктарына былі па-беларуску! Але самае галоўнае, калі дарыць гэтым дзецям і маладым людзям любоў, як гэта робяць іх бацькі і ўсе неабыякавыя людзі, гэтую любоў яны аддадуць вам стокроць памножаную. Вельмі спадзяюся, што гэтая вандроўка была першай, але далёка не апошняй, бо насамрэч гэтая самая інклюзія патрэбная ня толькі дзецям-інвалідам, але можа, найперш нам, так званым нармальным людзям”.
Даведка: Інклюзія (ад inclusion – уключанасць) – працэс стварэння для людзей з інваліднасцю роўных з іншымі грамадзянамі магчымасцяў, фактычнае ўключэнне людзей з асаблівымі патрэбамі ў актыўнае грамадскае жыццё (ва ўсіх сферах).
