Цвет сайта
Изображения
Расстояние между буквами
Шрифт

Раўнадушных быць не можа

На матывацыйную сесію ў Валожын прыбылі госці – людзі, перад якімі немагчыма не схіліць галаву: чэмпіёнка свету і Еўропы па танцах на інвалідных калясках, майстар спорту міжнароднага класа Ганна ГАРЧАКОВА (дарэчы, выпускніца Івянецкага дома-інтэрната) і яе выхаванка – двухразовы сярэбраны прызёр Кубка Свету ў тым жа відзе спорту Алеся АЛЯХНОВІЧ, а таксама заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, тройчы параалімпійская чэмпіёнка па веласпорце, чэмпіёнка свету і сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы Ірына ФЯДОТАВА.


Мерапрыемства, што прайшло на мінулым тыдні ў Валожыне, стала своеасаблівым гімнам чалавечай годнасці, стойкасці, сіле волі, аб’яднала ўсіх, хто ўласным прыкладам увасабляе ў жыццё ідэю аб стварэнні ў нашай краіне інклюзіўнага грамадства.
У другой палавіне дня ў пятніцу ля кінатэатра “Юнацтва”, у фае і ў зале гэтай установы можна было пазнаёміцца з удзельнікамі матывацыйнай сесіі “Раўнадушных няма”, што ладзілася раённым прадстаўніцтвам Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам у рамках маштабнага праекта “Вучымся кіраваць сваёй будучыняй” (рэалізаваны на Валожыншчыне на працягу года пры падтрымцы Міністэрства па рэгіянальным развіцці Каралеўства Нідэрландаў).


Сацыяльнымі партнёрамі падчас ажыццяўлення задуманага сталі ўпраўленні райвыканкама (па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і па адукацыі, спорце і турызме), аддзел ідэалагічнай работы, культуры, па справах моладзі, ТЦСАН, Івянецкі дом-інтэрнат, іншыя ўстановы Валожыншчыны. Сярод удзельнікаў праекта – моладзь, школьнікі (у тым ліку – з інваліднасцю), іх бацькі, педагогі, выхаванцы, супрацоўнікі школ мастацтваў, энтузіясты з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Многія з іх прынялі ўдзел у выніковай сесіі.
Інклюзіўнае дэфіле стала пралогам мерапрыемства. У стылізаваных беларускіх нацыянальных касцюмах на сцэну выходзілі юнакі і дзяўчаты, некаторыя – з інваліднасцю. Калекцыя, якую стварылі маладыя творцы, задала настрой, дапамагла адчуць дух інклюзіі.


Вядучая Наталля Нямкевіч пачала сваю работу з падзякі ў адрас кожнага, хто меў дачыненне да праекта, коратка нагадала асноўныя яго моманты, узгадала, як паступова людзі рознага ўзросту ацэньвалі магчымасць пераводу сваіх мар у рэалістычныя планы, як вучыліся самаадвакатаванню і рабоце ў камандзе. На працягу года праведзены восем семінараў-трэнінгаў для навучэнцаў Івянецкага дома-інтэрнага, чатырнаццаць заняткаў па самаадвакатаванні для выхаванцаў дзённага аддзялення для інвалідаў ТЦСАН. У “Маладзёжнай школе спікераў” прайшло навучанне групы актывістаў з ліку моладзі, пасля чаго спікеры-валанцёры прадоўжылі працу ў праекце па праграме “Роўны вучыць роўнага”.


Каля 200 удзельнікаў трэнінгаў атрымалі веды па праблеме стыгматызацыі людзей з інваліднасцю. Праведзены конкурс сачыненняў “Мы разам!” і конкурс малюнкаў “Разам мы здолеем больш!”, па выніках якіх 40 школьнікаў узнагароджаны памятнымі сувенірамі. Арганізавана мабільная выстава “Мы побач з вамі”. Праведзены конкурс сацыяльнай рэкламы. Дарэчы, у сувязі з пандэміяй каранавіруса некаторыя пункты праекта рэалізоўваліся ў рэжыме анлайн.
Падчас сесіі валанцёры і ўдзельнікі розных мерапремстваў маглі бачыць сябе ў відэароліку, дэманстрацыя якога стала адным з пунктаў сесіі. Асноўная ж яе частка набыла форму адкрытага дыялога. На сцэну запрасілі шаноўных спартсменак, а таксама намесніка старшыні райвыканкама Вольгу Багатырову і старшыню раённай арганізацыі БелАДДІіМІ Ларысу Шчарбачэвіч. Вядучая папрасіла кожную з суразмоўцаў расказаць пра іх асабісты шлях да поспеху праз уменне кіраваць сабой і, як след, сваёй будучыняй.


Прысутным было цікава даведацца пра тое, што адна з самых пасяховых жанчын Валожыншчыны – Вольга Багатырова – у 15-гадовым узросце страціла бацькоў. І хоць на руках мела малодшага брата, пераадолела ўсе выпрабаванні. Работа, вучоба, зноў работа, зноў вучоба, прафесійны рост… Зала апладысментамі рэагавала на аповед зусім яшчэ маладой прыгажуні, што займае высокую пасаду ў райвыканкаме.


Пра тое, што Ларыса Шчарбачэвіч здолела падняць на ногі сына Аляксея, хоць хлопчыку адразу пасля нараджэння паставілі дыягназ “дзіцячы цэрэбральны параліч”, у Валожыне ведаюць добра. Акрамя таго, жанчына змагла стаць кіраўніком грамадскай арганізацыі, шмат гадоў адпрацавала загадчыкам аддзялення дзённага наведвання для інвалідаў ТЦСАН, у 48 гадоў паступіла ў Белдзяржуніверсітэт і скончыла яго з чырвоным дыпломам.


Ганна Гарчакова – інвалід-калясачнік з дзяцінства. Ці можна было прадбачыць, што дзяўчына, цела якой напалавіну паралізавана, стане майстрам міжнароднага класа, чэмпіёнкай, атрымае вышэйшую псіхалагічную адукацыю, будзе мець дыплом бакалаўра, а затым магістра і паспяховую практыку па сваёй спецыяльнасці? Безумоўна, не. Але факт застаецца фактам. Сёння Ганна не толькі дзеючая спартсменка і прафесіянал-псіхолаг, але і паспяховы коуч – трэнер для людзей з інваліднасці на іх шляху да жыццёвых вышынь. У свой час вядомая ў Беларусі і за яе межамі асоба самастойна прыняла рашэнне праз вучобу дабівацца магчымасці адчуваць сябе камфортна ў грамадстве. Разумеючы, што хатняга навучання недастаткова для будучай адукацыі, сама папрасіла бацькоў адправіць яе ў Івянецкі дом-інтэрнат. Ганна ніколі не робіць выгляд, што былі ў яе жыцці і слёзы, і адчай, і жаданне апусціць рукі. І ўсё ж, ніводнага разу не стаўшы на ўласныя ногі, жанчына здолела адзін за адным рабіць правільныя і рашучыя крокі наперад.

Алеся Аляхновіч, якой зараз толькі 27 гадоў, атрымала інваліднасць у 12 гадоў. Шок, боль, страх, істэрыка… У выніку – параліч і інвалідная каляска. З усім гэтым і многім іншым яна справілася паступова. Сёння актыўная, жыццярадасная, запатрабаваная дзяўчына мае і дыплом аб вышэйшай адукацыі, і пасведчанне вадзіцеля, і медалі пераможцы.
Ірына Фядотава ў 9 гадоў пачала губляць зрок (бачыць толькі святло і размытыя контуры прадметаў і людзей). І ўсё ж такое жыццё не стала перашкодай для таго, каб рэалізаваць сябе ў веласпорце. У свой час сур’ёзную падтрымку атрымала ад таварыства інвалідаў па зроку (веласпорт – задавальненне не з танных). Яна змагла ў тандэме з людзьмі, што бачаць, прывезці 2 залатыя медалі з Сіднея, а з Пекіна – залаты і сярэбраны. Апошнім часам Ірына працуе інструктарам па спорце – дапамагае юным атлетам, якія таксама, як і яна, імкнуцца да поспеху.


Прысутным прадаставілі магчымасць задаць гасцям любыя пытанні, тыя ж з гатоўнасцю давалі на іх грунтоўныя адказы.
У гэты дзень не абышлося без узнагарод. Ад БелАДДІіМІ падзякі атрымалі сацыяльныя партнёры праекта, маладыя спікеры і валанцёры, а таксама пераможца конкурсу “Маладзёжны погляд” Андрэй Харлінскі (менавіта яго работа стала асновай тэматычнага білборда, што ўстаноўлены на вуліцы Партызанскай).


Завяршылася матывацыйная сесія канцэртнай праграмай. Фінальным акордам яе стаў гімн БЕЛАДДІіМІ ў выкананні групы “Талент” пад кіраўніцтвам Таццяны Бандарэнка.


Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара

Крыніца: «Працоўная слава»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *